Сёння, 15 жніўня, перастае дзейнічаць забарона на высечку дрэваў, на якіх былі вынайдзены гнёзды птушак. Менавіта гэта стала падставай для спынення работ «Зеленбуда» ў скверы «Котаўка» на пачатку чэрвеня бягучага года. На працягу двухмесяцаў мясцовыя жыхары і экалагічныя актывісты вялі перапіску і сустрэчы з дзяржаўнымі органамі і інстытутамі, робячы намаганні даказаць незаконнасць выдзялення часткі сквера пад будаўніцтва касцёла. Напружанасці сітуацыі надае тое, што дазвол на правядзенне будаўніча-мантажных работ дзейнічае да 16 жніўня, і па інфармацыі на 12 жніўня – працягнуты пакуль не быў.

 

«Мы пісалі ў адміністрацыю Савецкага раёна, УП «Зеленбуд Савецкага раёна», падавалі скаргу ў пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці грамадскіх абмеркаванняў, якія быццам бы адбыліся ў 2011 годзе, звярталіся з просьбай правесці праверку па законнасці выдзялення ўчастка. Пісалі ў Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі, Мінскграда, Інспекцыю па кантролю і нагляду за будаўніцтвам. Вядома звярталіся ў Мінпрыроды і ў Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў. Гэта, бадай што, асноўныя дзяржорганы, з якімі мы вялі перапіску», – пералічвае ўстановы Іна Панчкоўская, актывіст руху «Зялёны дазор» і прадстаўнік Таварыства «Зялёная сетка».

 

0

 

Пракуратура па абодвум зваротам дала адмоўныя адказы, не знайшоўшы ніякіх падстаў для грунтоўных праверак у сувязі з парушэннем заканадаўчых нормаў.

 

«І гэта прытым, што мы дакладна ўказвалі на хібы, якія былі дапушчаны. Напрыклад, у выпадку з правядзеннем грамадскіх абмеркаванняў парушаны патрабаванні інструкцыі аб парадку арганізацыі грамадскіх абмеркаванняў горадабудаўнічых праектаў», – падкрэслівае Іна.

 

«Рашэнне Мінгарвыканкаму адносна забудовы тэрыторыі дадзенага сквера прымалася ў 2015 годзе. Заканадаўства з чэрвеня 2011 года патрабуе, каб такія рашэнні прымаліся выключна пасля правядзення грамадскіх абмеркаванняў па працэдуры, зацверджанай урадам 1 чэрвеня 2011 года Пастановай №687. Такім чынам спасылацца на праведзенае ў красавіку 2011 года абмеркаванне нельга. Яно праводзілася па іншай працэдуры, у адносінах да іншага аб'екту і было неабавязковым. На жаль, дзяржаўныя органы ці не разумеюць розніцы, ці стараюцца апраўдаць свае папярэднія дзеянні, парушаючыя заканадаўства», – сцвярджае Рыгор Фёдараў, юрыст грамадскага аб'яднання «Экадом».

 

1

 

Незадавальняючым стаў адказ і па просьбе правесьці праверку па законнасці выдзялення тэрыторыі сквера пад забудову, з якога сведчыць, што на дадзены момант падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма. Пры гэтым пракуратура спасылаецца на пункт №2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №666 «Аб выключэнні і прадастаўленні зямельных участкаў», з якога вынікае: «выключэнне і прадастаўленне зямель прыродаахоўнага, аздараўляльнага, рэкрэацыйнага назначэння для мэт, не звязаных з прызначэннем гэтых зямель, адбываецца Мінскім гарвыканкамам і дапускаецца для размяшчэння аб'ектаў нерухомай маёмасці, у выпадку, калі такое размяшчэнне прадугледжана рашэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

 

«Землі прыродаахоўнага назначэння – гэта запаведнікі, нацыянальныя паркі і інш. Сквер – гэта зямля агульнага карыстання, што не патрапляе пад нормы, на якія спасылаецца пракуратура. Атрымоўваецца, выдзяленне ўчастка пад будаўніцтва – незаконна. Плюс да ўсяго, нам сцвярджаюць, што ў 2011 годзе выдзяленне тэрыторыі сквера было ўзгоднена з прэзідэнтам. А што гэта значыць? Які дакумент гэта падцвярджае? На асабістай сустрэчы ў адміністрацыі Савецкага раёну начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Александр Лянько сказаў, што ёсць нейкая рэзалюцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб выдзяленні дадзенага ўчастка. Але нумар гэтай рэзалюцыі мне адмовіліся прадастаўляць, як і любыя іншыя звесткі па ёй», – распавядае Іна.

 

 

Рыгор Фёдараў яшчэ звяртае ўвагу на Сістэму рэгламентаў Генеральнага плана горада Мінска, у адпаведнасці з пазіцыяй 6 табліцы 2.5.2. падпункта 2.5.2.3. гэтай Сістэмы: на тэрыторыі сквераў у жылых раёнах, на жылых вуліцах, паміж дамамі забараняецца размяшчэнне капітальных аб'ектаў усіх відаў будаўнміцтва. Сістэма рэгламентаў з'яўляецца часткай Генплана Мінска, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 красавіка 2003 гола №165 «Аб зацвярджэнні генеральнага плана г. Мінска с прылягаючымі тэрыторыямі і некаторых пытаннях яго рэалізацыі».

 

«Рэгламенты з'яўляюцца абавязковымі для выкарыстання ўсімі суб'ектамі архітэктурна-горадабуданічай дзейнасці і зямелякарыстання на тэрыторыі Мінска. Унесці змяненні можна выключна новым указам ці дэкрэтам, якіх на сённяшні дзень няма», – заўважае юрыст.

 

Акрамя гэтага, колькасць дрэваў па таксацыйным плане, які маецца ў «Зеленбудзе» не адпавядае рэчаіснасці – на ўчастку, што адведзены пад забудовы дрэваў значна больш. Гэта становіцца зразумела не толькі візуальна ў самі скверы, але і падцверджана актывістамі кампаніі «Гарадскі Ляснічы», што правялі карціраванне.

 

2

 

«З гэтай нагоды мы звярнуліся за тулмачэннямі ў «Зеленбуд» і Камітэт прыродных рэсурсаў. Няхай сабе розніца ў дрэвах не вялікая: згодна з таксацыйным планам іх там 66, а мы налічылі – 71 дрэва. Проста ўзнікае лагічнае пытанне: ''калі вы працуеце з такімі дакументамі, чаму яны не адпавядаюць рэальнай сітуацыі?''», – абураецца Іна.

 

І нягледзячы на тое, што і адміністрацыя, і забудоўшчык абяцаюць высякчы ўсяго 49 дрэваў, у сувязі з хібамі на планах, па факту пад пілу ідзе 52.

 

Каб зменшыць тэмпературу канфлікта з мясцовымі, з боку чыноўнікаў, яшчэ ў канцы вясны, было сказана аб добраўпарадкаванні сквера забудоўшчыкам. Аднак, ужо сёння адміністрацыя схіляецца да таго, што ніякіх дамоўленасцяў з касцёлам пра гэта не існуе.

 

«Адзінае на што спаслаўся начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Савецкага раёну, дык на тое, што касцёл зробіць сцяжынкі, якія будуць весці да храма. Але па вялікімі кошце, гэта і так іх інфраструктура...», – заўважае Іна Панчкоўчкая.

 

З боку мясцовых паступалі просьбы выдзяліць іншую пляцоўку для будаўніцтва, тым больш, што ў раёне такія маюцца, хаця вясной адміністрацыя сцвярджана, што альтэрнатыў няма.

 

«Адзін участак, які адводзіўся пад раённы суд, пакуль трымаюць за гэтым аб'ектам. Другі ж участак ёсць на вуліцы Некрасава. Але як сказаў мне Аляксандр Лянько, у адпаведнасці з планам дэтальнага планвання (ПДП) на ўчастку па Некрасава такія аб'екты не прадугледжанны. Але... Ёсць супярэчнасць! Бо ў скверы «Котаўка» ў адпаведнасці з планам дэтальнага планавання такія аб'екты таксама не прадугледжаны!», – кажа Іна.

 

3

 

Праўда, згодна з планамі адміністрацыі, у кастрычніку 2016 года павінны будуць прайсці грамадскія абмеркаванні па карэкціроўцы ПДП.

 

Аднак, як зазначае Рыгор Фёдараў, пакуль на дадзеную тэрыторыю маецца дзеючы план дэтальнай забудовы, па якому выдзеленая пад будынак касцёла тэрыторыя з'яўляецца скверам, што падцвярджаецца адказамі на звароты некаторых дзяржорганаў. Такім чынам забудова сквера забаронена, што падмацоўваецца Указам Прэзідэнта.

 

4

5

6

7

 

«У наяўнасці парушэнне заканадаўства пры выдзяленні зямельнага ўчастка. Да змянення ПДП ці прыняцця асобнага Указа Прэзідэнта па дадзенай тэрыторыі, любыя работы па знішчэнню сквера будуць па-за законам», – падкрэслівае Рыгор Фёрадаў.

 

Выйсце юрыст бачыць толькі ў выкананні заканадаўства. Аднак, на жаль, пакуль заложнікамі памылковых дзеянняў Мінгарывыканкаму з'яўляюцца мясцовыя жыхары і прыход рымска-каталіцкай абшчыны.

 

«За апошнія 5 год на тэрыторыі Сельгаспасёлка (на якую распаўсюджваецца дадзены ПДП) пабудававы казіно, некалькі офісных і гандлёва-забаўляльных цэнтраў, вялікая колькасць шматпавярховак і інш. Для ўсяго гэтага месца знайшлося. Толькі касцёл прапануюць узвесці за кошт знішчэння сквера. Складаецца адчуванне, што гарадскія ўлады мэтанакіравана сутыкаюць інтарэсы веруючых рэлігійнай абшчыны і захавання апошніх зялёных пляцаў Мінска», – рэзюмуе юрыст.

 

Хрысціна Чарняўская, Зялёны Партал

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Читайте также: