Каб горад стаў па-сапраўднаму зялёным, недастаткова стварэння ў ім толькі сквераў і паркаў. Канцэпцыя ператварэння ў такое месца значна складаней і прадугледжвае развіццё экатранспарту, кліматычную нейтральнасць, ашчаднае стаўленне да прыродных рэсурсаў і шмат чаго іншага. Каб сабраць усе гэтыя кірункі ў адно цэлае, патрэбная стратэгія, якую пакуль ніхто не стварыў. Затое ў гараджан ёсць шмат спосабаў зрабіць свой унёсак — ад пасадкі дрэўца да імкнення ўплываць на гарадскую палітыку.

 

Гарады — асноўная пагроза для планеты

 

Каб змяніць свет, трэба мяняць гарады, бо менавіта яны зрабіліся кропкамі крызісу цывілізацыі.

 

«54% насельніцтва Зямлі — гарадское. І асноўная пагроза для нашай планеты — гарады і іх рост, — так мяркуе Алесь Залеўскі, мадэратар адной з мінскіх тэматычных дыскусій аб урбаністыцы. — У беларускіх гарадах насельніцтва складае прыблізна 7,3 мільёна чалавек, а гэта больш за 70%».

 

1

Алесь Залеўскі (справа)

 

Гарады — адны з галоўных эмітэнтаў парніковых газаў. Каб прадухіліць іх негатыўны ўхіл і «азеляніць», неабходная стратэгія. Менавіта для Мінска такім дакументам мог бы быць Стратэгічны план устойлівага развіцця, распрацаваны эканамістамі з Акадэміі навук, мяркуе Зміцер Гаўрусік, рэдактар альманаха «Гарадскія тактыкі».

 

2

Зміцер Гаўрусік (крайні злева) і Ірына Сухій (крайняя справа)

 

«Але падыміце рукі, хто чуў пра яго? Гэта дакумент, напісаны чыноўнічай мовай, дзе фісуецца курс нашага развіцця», — адзначае ён. І годных стратэгій удзельнікі дыскусіі не знаходзяць: «Мы не можам нават сказаць, ёсць яна ці не, калі не ведаем сваю мэту, — узбурыўся Ігар Корзун, каардынатар кампаніі «Гарадскі Ляснічы» Таварыства «Зялёная сетка».

 

«Я менавіта пра гэта, пацверджвае Зміцер. У мінскім грамадстве, у чыноўнікаў, бізнеса няма стратэгічных мэтаў. І стратэгіі няма».

 

Пры такім узроўні свядомасці жыхарам толькі і застаецца, што «працаваць рукамі», бо, на жаль, Мінск не знаходзіцца зараз на стадыі стратэгічнага планавання: «Гэта той узровень, на якім людзям адводзіцца нешта рабіць», — сцвярджае Аляксей Крывалап, культуролаг і сябра Беларускай партыі «Зялёныя», і звяртае ўвагу, што не ўсім гараджанам дастаткова такога нізкага ўзроўню.

 

3

Аляксей Крывалап у цэнтры

 

А механізм уплыву грамадзян на прыняцце экалагічна значных рашэнняў, на думку Ірыны Сухій, сябра савета ГА «Экадом», запусціць цяжка, але па-іншаму нельга: «Мы ж не можам чакаць, што гараджане Мінска выйдуць на вуліцу і будуць патрабаваць: “Хочам удзелу!”»

 

Існуюць і магчымасці больш высокага ўзроўню — далучыцца, напрыклад, да напісання Стратэгічнага плана ўстойлівага развіцця Мінска, што прадугледжана канцэпцыяй ўстойлівасці.

 

«Гэта не той дакумент, які пішацца спецыялістамі і зацвярджаецца чыноўнікамі», — кажа Ірына. Падобным чынам, на думку экалагічных грамадскіх арганізацый, распрацаваная Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця і СУР для абласцей. Таму фактычна у гараджан мала магчымасцей выявіць сябе на высокім узроўні.

 

Атрымліваецца, хтосьці не хоча праяўляць актыўнасць, а хтосьці не можа ці не ведае, як. Каб стварыць канцэпцыю і вызначыць крокі, трэба дыскусія на розных узроўнях, лічаць дыскутанты.

 

Спецыялісты раяць гараджанам

 

4

 

Адзін са спосабаў зрабіць Мінск зялёным — літаральны: захаваць яго зялёныя зоны і зрабіць іх лепш і больш. Гэты спосаб дае жыхарам горада канкрэтныя, а не абстрактныя мэты, якія, магчыма, неўзабаве і складуць канцэпцыю азелянення Мінска. Гэта была адна з тэмаў, што былі разгледжаны падчас круглага стала "Канцэпцыя азелянення горада Мінска", які зладзілі прадстаўнікі кампаніі "Гарадскі Ляснічы" на пачатку чэрвеня.

 

Пасадзіць у горадзе больш дрэваў

 

5

Людміла Краўчук

 

У Мінску гарадскія насаджэнні не спраўляюцца з паглынаннем шкодных рэчываў у паветры, іх трэба ахоўваць і садзіць новыя, мяркуе Людміла Краўчук з Інстытута прыродакарыстання НАН РБ. Праблема датычыцца не толькі сталіцы.

 

Адзін з папулярных і недарагіх рашэнняў — ствараць прыродныя паркі на базе наяўных прыродных аб’ектаў у гарадах. Гэта могуць зрабіць гарадскія улады, а для жыхароў шлях крыху іншы: проста саджаць дрэвы.

 

Гэта рабіць дазволена, запэўнівае Наталля Мінчанка, кіраўніца ўпраўлення ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У кожным канкрэтным выпадку яна раіць грамадзянам стасавацца з «Зелянбудам» і ЖЭСам.

 

Ніжні ярус зробіць горад утульным

 

Саджаць варта не толькі дрэвы, але і кустоўе. Ніжні ярус дадае ўтульнасці зялёным зонам, стварае зацішныя закуткі, а пасадзіць зялёную агароджу для горада каштуе столькі ж, колькі паставіць жалезную.

 

Ніжняга яруса ў Мінску выяўна не стае, лічыць Ігар Корзун. Тым больш кустоўе і трава ля яго створаць натуральны асяродак жыхарства для кляшчоў, ад якіх цалкам пазбавіцца нельга. А значыць, кляшчы будуць знаходзіцца воддаль ад людзей.

 

6

Ігар Корзун

 

Кустоўе зніжае ўзровень гарадскога шуму, а выглядае эстэтычна адразу — яго высаджваюць амаль дарослым, у адрозненне ад дрэваў. Густы падлесак дасьць птушкам дом, засцеражэ карані паркавых дрэваў ад вытоптвання, а дзяцей на пляцоўцы — ад развейвання пяску і спакусы выбегчы на дарогу.

 

Дарэчы, кустоўе прасцей выкапаць і перасадзіць, чым дрэва.

 

Дамагчыся абрэзкі па правілах

 

«Сам ты ліхтарны слуп!» — быццам злуецца дрэва на малюнку да петыцыі, якую месяц таму запусціла кампанія «Гарадскі Ляснічы» Таварыства «Зялёная сетка». Выглядае яно, мякка кажучы, непрывабна.

 

7

 

Петыцыя супраць такой абрэзкі сабрала больш 1400 подпісаў. Гараджане за тое, каб працэдуру рэгламентаваў закон і ажыццяўлялі спецыялісты, бо сёння найчасцей выкарыстоўваецца спосаб абрэзкі, які называюць топінгам.

 

Ён, на думку навукоўцаў, з’яўляецца варварскім і «можа мець толькі адну мэту, на жаль, нікак не звязаную з дрэвамі — засвойванне сродкаў, вылучаных на ўтрыманне зялёных насаджэнняў», лічыць Ірына Вазнячук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі ім. В.Ф. Купрэвіча.

 

Паводле пілотнага даследавання, пасля такой абрэзкі не меньш за 10% дрэваў не выжывае, а большасць астатніх мае ствалавую гніль.

 

8

Ірына Вазнячук

 

Прадстаўніца Мінпрыроды Наталля Мінчанка дадала, што ў міністэрстве ведаюць аб праблеме: «Пытанне [правілаў] ў распрацоўцы. Дзяржорганы і так разумеюць, што дакумент патрэбны».

 

Неабходна стварыць гарадскія зялёныя калідоры

 

«Колькасць зялёных тэрыторий на чалавека змяншаецца, а ў перспектыве забудова будзе ўшчыльняцца. Тэрыторыі для новых буйных ландшафтных аб’ектаў знайсці складана», — кажа Марына Сідарэнка, кандыдат архітэктуры і дацэнт кафедры ландшафтнага праектавання і садова-паркавага будаўніцтва БДТУ.

 

Нарматыўна праблему вырашаюць далучэннем да горада зялёных зон па-за Мінскам, але яны далёка ад большасці жыхароў. На думку архітэктара, ёсць іншы рэсурс — невялікія адкрытыя пляцоўкі і тэрыторыі, якія не маюць ландшафтна-рэкрэацыйнага статусу.

 

«Яны не існуюць самастойна, але могуць быць аб’яднаныя ў адзіную сістэму і занятыя зялёнымі гарадскімі калідорамі», — тлумачыць Марына. Пляцоўкі яна плануе знаходзіць у межах практыкі са студэнтамі. Прыклады рэалізацыі за мяжой — pocket park — ландшафт «на шляху», ці парклет — зялёная міні-зона.

 

Варта ўдакладніць: адзін зялёны калідор у Мінску ужо ёсць — водна-зялёны дыяметр, і ён паступова забудоўваецца.

 

9

Марына Сідарэнка

 

Дрэвы ў гарадах: ці аберагаць, ці не саджаць

 

Такім чынам, пакуль што гісторыя з зялёнымі насаджэннямі сумная: яны растуць у лунках між бетона, на іх сыплюць рэагенты зімой, і штодня лунае доза выкідаў ад машын. Высновы аб стане гарадскіх насаджэнняў і даглядзе за імі зрабіла Ірына Вазнячук на падставе 4-гадовага маніторынгу батанікаў ў Мінску і абласных гарадах.

 

Найбольш церпяць дрэвы ў першай лініі ад дарогі, і варта выбіраць для пасадкі там устойлівыя пароды. Дрэвы, а асабліва сажанцы, трэба агароджваць, бо адно пашкоджанне трымерам можа прывесці да гібелі.

 

Пералічаныя далёка не ўсе фактары рызыкі. Ірына тлумачыць, што гэта крытычна: калі гарадскія дрэвы не аберагаць, то лепш іх не саджаць, каб не марнаваць сілы. А значыць, удзел гараджанаў карысны, і патрэбны ён на ўсіх узроўнях.

 

Ганна Валынец, Зялёны Партал

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить

Читайте также: